Расійская армія пачала выкарыстоўваць кіраваныя праз оптавалаконны кабель дроны, піша BILD.
Эксперт выдання па аналізе адкрытых дадзеных Юліян Рэпке вывучыў відэа з Курскай вобласці, дзе расійскі беспілотнік знішчыў аўстралійскі БТР Bushmaster. Перад ударам FPV-дрон па-майстэрску абышоў падпаленыя на дарозе машыны і рухаўся пры гэтым ля самай паверхні асфальту. Ён перадаваў аператару выяву вельмі высокай якасці. Рэпке лічыць гэта сведчаннямі таго, што беспілотнік кіраваўся не радыёсігналам, а праз оптавалаконны кабель.
Такія дроны цяпер тэстуюць на Захадзе. У скрыню змяшчаюць катушку з ультратонкім кабелем даўжынёй да 10 км, які прывязаны да дрона. Оптавалакно дазваляе дронам абысці любую сістэму РЭБ і павысіць дакладнасць з 20% да 95%.
Паводле звестак Рэпке, цяпер у адкрытым доступе ёсць толькі тры відэа, якія даказваюць выкарыстанне Расіяй такіх беспілотнікаў. Таму маштаб прымянення гэтых сістэм застаецца незразумелым.