У Славеніі выдалі першы пашпарт замежніка беларусу. Пра гэта паведамляе ініцыятыва «Народныя амбасады».

«27 сакавіка стала вядома, што беларуская сям’я атрымала пашпарт замежніка для свайго дзевяцігадовага сына. Гэта першы вядомы выпадак атрымання беларусам пашпарта замежніка ў Славеніі», — гаворыцца ў паведамленні.
Як кажуць бацькі хлопчыка, тэрмін дзеяння яго пашпарта быў да чэрвеня 2024 года, аднак варыянт ехаць мяняць яго ў Беларусь яны палічылі небяспечным, таму выбралі іншы спосаб.
«Разумеючы, што тэрмін дзеяння пашпарта сына заканчваецца ў чэрвені 2024 года, а ездзіць у Беларусь небяспечна, мы звярнуліся ў службу, якая па законе пра замежнікаў адказвае за выдачу пашпартоў. Першапачаткова цяжкасці ўзніклі праз недасведчанасць супрацоўніка, які скіраваў нас у МЗС. Мы ведаем, што іншым беларусам адмовілі, бо ў іх яшчэ не скончыўся тэрмін дзеяння беларускіх пашпартоў. Пасля звароту ў МЗС Славеніі мы атрымалі адказ з інфармацыяй наконт працэдуры выдачы пашпарта замежніка і пасля новага звароту цягам тыдня атрымалі пашпарт на два гады», — падзяліліся сваім досведам беларусы ў Славеніі.
Адзначаецца таксама, што ў гэтай краіне жыве больш за чатырыста грамадзян Беларусі. Сярод іх правялі апытанне і даведаліся, што з праблемай пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў у найбліжэйшыя некалькі гадоў сутыкнецца прынамсі 20 чалавек.