Слова «апраўдаць» гучыць у беларускіх судах настолькі рэдка, што здаецца чымсьці з галіны фантастыкі: яго чуе толькі адзін з больш чым тысячы абвінавачаных. За 2022 год на 34,9 тыс. прысудаў прыпала ўсяго 33 апраўдальныя. За першыя шэсць месяцаў гэтага года — толькі 15 чалавек апраўдалі, пры гэтым 16 771 чалавека прызналі вінаватым. У якіх выпадках у людзей, якія трапілі пад крымінальную справу і на лаву падсудных, ёсць шанец пазбегнуць пакарання? Мы адшукалі некалькі такіх гісторый у банку судовых рашэнняў — палітычных справаў сярод іх, вядома, не знайшлося — і пра тры з іх расказваем падрабязна.
Гісторыя першая. Таямнічы падпальшчык
Усё здарылася ў мінскай Серабранцы. Той раніцай Сяргей (усе імёны змененыя), як звычайна, пайшоў на працу. Са сваёй шматпавярхоўкі на Пляханава, дзе ён жыў разам з бацькамі, мужчына выйшаў у 8.33, дайшоў да скрыжавання з праспектам Ракасоўскага, сеў на аўтобус і ўжо ў 8.50 быў ля крамы «Востраў чысціні» на Якубава — там ён працаваў памочнікам адміністратара.
Першая палова дня прайшла звычайна. А потым патэлефанаваў бацька і паведаміў: быў пажар, хтосьці падпаліў на лесвічнай пляцоўцы іх восьмага паверха дзверы суседскага і іх уласнага тамбураў.
Ужо праз 20 хвілін у краму прыехала міліцыя. Сяргея забралі ў Ленінскае РУУС. Там ён даведаўся, што ў падпале падазраюць менавіта яго.
Дзверы ў агні
Бацькі Сяргея ў тую раніцу заставаліся дома. Каля дзесяці гадзін яго маці раптам адчула пах дыму. Вызірнула ў пад’езд і абамлела: дзверы суседскага тамбура былі ахопленыя полымем знізу даверху. Жанчына паклікала мужа, той убачыў, што адбываецца, схапіў таз і пачаў паліваць дзверы вадой, пакуль яны не патухлі.
Толькі тады муж і жонка заўважылі, што іх уласныя тамбурныя дзверы таксама трохі абгарэлі знізу і яшчэ тлеюць, а на дыванку пад імі дымяцца абвугленыя рэшткі пластыкавай бутэлькі. Патушыўшы ўсё, мужчына выклікаў міліцыю — у МНС ужо паспелі патэлефанаваць суседзі.
Абгарэлыя дзверы жыхары потым адрамантавалі самі — падбілі кавалкам фанеры і пафарбавалі. Агульная шкода склала 180 рублёў.
Экспертыза пазней высветліла, што ў бутэльцы быў растваральнік з утрыманнем метанолу, ацэтону і талуолу.
Прызнанне
Калі Сяргея прывезлі ў РУУС, яго абшукалі — і знайшлі 5 пачкаў запалак, запальнічку, кавалачкі белай тканіны і ключы. Ён патлумачыў, што курыць, а тканіна засталася ў заплечніку з папярэдняга месца працы прадаўцом — ён перавязваў пальцы ад парэзаў. Пазней у мужчыны пачалі браць пад відэазапіс «тлумачэнні» — гэта быў нават не афіцыйны допыт. І тут ён, як гаворыцца ў матэрыялах міліцыі, прызнаўся: так, гэта ён падпаліў дзверы. Больш за тое, ён нават пагадзіўся аплаціць іх рамонт.
«Выйдя из квартиры, внезапно пришла идея поджечь тамбурную дверь. Конфликтов с соседями не имел, а целью поджога являлось необходимость обратить на себя внимание», — гаворыцца ў пратаколе тлумачэнняў (арфаграфія захаваная). Далей апісваецца, што мужчына ўзяў у тамбуры пустую пластыкавую паўлітровую бутэльку, паклаў туды кардон, знойдзены на пляцоўцы, парваўшы яго на дробныя кавалкі, зрабіў у бутэльцы дзірку для цягі, падпаліў кардон і паклаў бутэльку пад свае тамбурныя дзверы. Калі тая затлела, то пераставіў бутэльку пад дзверы другога тамбура. «Поскольку опаздывал на работу, оставил горящую бутылку под тамбурной дверью и спустился вниз. Какие еще предметы помещал в бутылку не вспомнил, однако возможно поместил ткань белого цвета, которую имел при себе».
У мужчыны забралі джынсы і майку, у якіх ён быў у той дзень. На іх знайшлі следавыя колькасці ацэтону і талуолу — тых самых рэчываў, з дапамогай якіх падпалілі дзверы. Здавалася б, справа раскрытая — менавіта так і вырашылі ў міліцыі.
Алібі
Для парадку па справе былі прызначаныя экспертызы. І вось тут нешта пайшло не так. Пажарныя эксперты выявілі, што двое дзявярэй загарэліся ад дзвюх асобных крыніц агню на падлозе: адной была бутэлька з растваральнікам, другой — яшчэ нешта, што цалкам згарэла і не магло быць распазнанае. Агонь ад адной крыніцы на іншую не перакідваўся, бутэльку не перамяшчалі. Але бутэлька гарэла слабей, а вось другая крыніца дала мацнейшы агонь. Паводле высноваў спецыялістаў, калі бутэлька і магла тлець доўгі час, то пажар ля другіх дзвярэй дакладна доўжыўся не больш за 10 хвілін.
Але з часам у следства якраз была праблема. Усе сведкі — у прыватнасці, калегі Сяргея з крамы — казалі, што з 8.50 і да затрымання ён быў на працы і нікуды не адыходзіў, хіба што на пару хвілін пакурыць (а да дома яму дабірацца не менш за 15 хвілін). Гэта пацвярджалі і запісы відэакамер у пад’ездзе і на працы: ён выйшаў з дому ў 8.33 і не вяртаўся, быў у краме.
Такім чынам, падпаліць дзверы ён не мог: карціна пажару сведчыла пра тое, што яны гарэлі да 10 хвілін, то-бок былі падпаленыя каля 10 раніцы, але ў гэты час Сяргея там не было.
Аднак стапрацэнтнае алібі не перашкодзіла следству працягваць абвінавачваць Сяргея. Як і тое, што ўжо на допытах, калі з’явіўся адвакат, мужчына сваю віну адмаўляў. Нягледзячы на ўсё, справа дайшла да суда.
Сумнеўныя доказы
На судзе выступілі бацькі і суседзі Сяргея. Яны расказалі, як усё здарылася, пра самога Сяргея адгукаліся толькі станоўча, падкрэслілі, што ніколі не заўважалі за ім схільнасці да падпалаў. Гаручых вадкасцяў, паводле бацькоў, дома не было. Кіраўніцтва крамы, дзе мужчына працаваў, ахарактарызавала яго як добрага супрацоўніка, без якіх-кольвек падазроных момантаў. Калегі пацвердзілі, што ў момант пажару Сяргей быў на працы. Пра гэта ж заявіў і спецыяліст службы бяспекі крамы, які пасля інцыдэнту браў запісы камер і перадаваў міліцыі. Паху растваральніка ад адзення Сяргея ў краме не заўважалі.
Выявіліся на судзе і новыя супярэчнасці. У Сяргея знайшлі фрагменты тканіны — і ў пратаколе агляду месца здарэння таксама была адзначаная наяўнасць яе рэшткаў каля дзвярэй. У пратаколе допыту бацькі Сяргея падчас следства таксама адзначаецца, што той бачыў ля сваіх тамбурных дзвярэй кавалачкі тканіны. Пра тканіну на першай размове ў міліцыі сказаў і сам Сяргей.
Але калі ў судзе пачалі глядзець відэазапіс першых тлумачэнняў мужчыны, аказалася, што ўсё не так проста. Сяргей спачатку сказаў, што ўклаў у бутэльку для падпалу кардон, але, пасля таго як міліцыянты заявілі яму, што на месцы здарэння знайшлі і тканіну, ён пагадзіўся: так, клаў яшчэ і тканіну. І сказаў, што проста падпаліў змесціва бутэлькі, не ўспомніўшы пра растваральнік (пра яго міліцыя на момант размовы яшчэ не ведала). Пры гэтым паводле пратакола агляду бутэлька і тканіна былі каля дзвярэй Сяргея, а паводле яго словаў падчас прызнання — каля суседскіх.
А насамрэч, паводле экспертызы пажарнага смецця з месца здарэння, ніякіх фрагментаў тканіны там не было наогул. І бацька Сяргея на судзе падкрэсліў, што ніякай тканіны ля дзвярэй ён не бачыў. Чаму ён даў падчас следства непраўдзівыя паказанні, ён выразна растлумачыць не змог.
Акрамя нестыковак што да часу і рэшткаў тканіны ў справе была яшчэ адна цёмная пляма. Гэта сляды растваральніка з ацэтонам і талуолам на вопратцы Сяргея — падобным былі падпаленыя дзверы. Здавалася б, гэта даволі сур’ёзны доказ. Аднак мужчына не мог растлумачыць, адкуль гэтыя сляды ўзяліся. Паводле яго, ён такіх растваральнікаў не купляў і з імі не працаваў. Мужчына нават выказаў здагадку, што сляды маглі з’явіцца ад курэння, выкарыстання запальнічкі, але экспертыза гэта абвергла.
Падчас вывучэння доказаў у судзе аказалася, што вопратку ў Сяргея забралі не адразу, а толькі праз паўтара дня пасля затрымання. Эксперт паведаміў, што на вопратцы была сама вадкасць альбо яе пары ў гранічна малых значэннях, але не прадукты іх гарэння. Ён адзначыў, што, калі вопратку мужчыны забралі, яе замест пластыкавых пакетаў паклалі ў кардонныя скрынкі, а яны негерметычныя, праз іх могуць пранікаць рэчывы звонку і выпарацца знутры. То-бок доказы захоўваліся з парушэннямі. Якім чынам растваральнік трапіў на адзенне Сяргея, так і засталося нявысветленым.
Агаварыў сябе
Сам Сяргей сваё «чыстасардэчнае прызнанне» на судзе абверг і заявіў, што невінаваты. Ён патлумачыў, чаму спачатку прызнаўся і даў паказанні, якія хацела пачуць міліцыя: яму паабяцалі, што тады яго адпусцяць, трэба будзе толькі адрамантаваць дзверы — і крымінальнай справы заводзіць не будуць. Таму адразу ж пагадзіўся аплаціць рамонт — а не таму, што лічыў сябе вінаватым.
«Агаварыў сябе і напісаў чыстасардэчнае прызнанне, паколькі хацеў у самыя кароткія тэрміны быць вызваленым. Са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не звяртаўся», — гаворыцца ў матэрыялах суда.
Міліцыянты ж у сваіх паказаннях запэўнівалі, што ніякага ціску на абвінавачанага не аказвалі, ён, маўляў, прызнаўся добраахвотна.
Між тым міліцыя не проста не стрымала абяцання — справу супраць Сяргея завялі нават не па адным, а па двух артыкулах: ч. 2 арт. 218 (Наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці агульнанебяспечным спосабам) і ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства). Ды і самога яго не вызвалілі, а адправілі пад хатні арышт.
А потым і ў бальніцу на псіхіятрычную экспертызу. Яна, дарэчы, выявіла ў Сяргея разлад псіхікі, але кантраляваны: мужчына цалкам дзеяздольны, абвастрэнняў у яго не было, у перыяд пажару, як і пасля, ён быў цалкам адэкватны і не мог здзейсніць падпал з якой-кольвек псіхатычнай матывацыі, можа адстойваць свае правы ў крымінальным працэсе, не ўяўляе якой-кольвек небяспекі і не пакутуе нават на алкагалізм.
Апраўданы праз недаказанасць
Разумеючы, што справа развальваецца, пракуроры перад судом знялі частку абвінавачання — паводле іх новай версіі, Сяргей падпаліў толькі ўласныя дзверы перад тым як пайсці на працу, а другія, якія дакладна гарэлі не больш за 10 хвілін і не маглі быць падпаленыя Сяргеем з прычыны яго алібі, нібыта падпаліў нехта іншы.
Аднак дзяржабвінавачанне не прывяло ніякіх доказаў на карысць таго, што дзверы падпальвалі два розныя чалавекі ў розны час. Таму суд нават не стаў сур’ёзна разглядаць гэтую абсурдную версію.
Падводзячы вынік разбіральніцтва, суд прыйшоў да высновы, што следства прадставіла супярэчлівыя, недастатковыя, месцамі недакладныя доказы па справе, у якасці доказаў прадстаўляліся матэрыялы, якія рэальна нічога не даказваюць. У мужчыны было алібі, не было матыву для злачынства, паказанні сведак былі на яго карысць, якіх-кольвек доказаў, якія паказваюць на яго, няма, а «наяўнасць на вопратцы слядоў растваральніка» яшчэ ні пра што не сведчыць.
«Названыя доказы судом прызнаныя недастатковымі ў вінаватасці абвінавачанага ў здзяйсненні інкрымінаваных дзеянняў. Ніводнае з іх наўпрост не паказвае на яго дачыненне да здзяйснення злачынстваў», — гаворыцца ў прысудзе.
Такім чынам, вырашыў суд, віна Сяргея не даказаная. А паколькі прысуд не можа грунтавацца на здагадках і ўсе сумневы мусяць трактавацца на карысць абвінавачанага, суд пастанавіў прызнаць мінчука невінаватым.
Мужчыну вызвалілі з-пад хатняга арышту. Знялі арышт і з яго маёмасці — некалькіх люстраных фотакамер (відаць, мужчына займаецца фатаграфіяй). Але вось кампенсацыі за неабгрунтаваны крымінальны пераслед яго пазбавілі: не трэба было прызнавацца ў тым, чаго не здзяйсняў.
«З прычыны таго, што ў судовым паседжанні ўстаноўлена, што абвінавачаны добраахвотна агаварыў сябе ў здзяйсненні злачынстваў, суд прыходзіць да высновы не прызнаваць за ім права на кампенсацыю шкоды, нанесенай дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс», — гаворыцца ў прысудзе.
Пратэст
Але на гэтым гісторыя для Сяргея не скончылася. Пракуратуру такі вынік суда не задаволіў — бо раз чалавек апраўданы, атрымліваецца, пракуроры з міліцыяй і следствам вінаватыя ў кепскай працы над справай і замест пошуку рэальнага злачынца віну павесілі на невінаватага законапаслухмянага чалавека. Таму пракурор Ленінскага раёна падаў пратэст на прысуд і запатрабаваў яго адмяніць.
Пры гэтым у апеляцыі ніякіх новых аргументаў абвінавачання не было. На думку пракурора, высновы суда не адпавядалі абставінам справы, а віна Сяргея была цалкам даказаная яго чыстасардэчным прызнаннем і згодай кампенсаваць шкоду, пратаколам прагляду відэазапісу яго тлумачэнняў, паказаннямі сведак, вынікамі экспертызаў, слядамі растваральніка на вопратцы, і яго алібі нібыта нічога не значыць: маўляў, ён мог падпаліць дзверы і да адыходу на працу.
У адказ Мінгарсуд нагадаў, што, паводле экспертызы, падпал як мінімум адных дзвярэй мог быць зроблены не раней за 10 хвілін да выяўлення пажару, Сяргея на месцы злачынства ў гэты момант быць аб’ектыўна не магло, а ўсе астатнія экспертызы таксама ніяк не сведчаць пра ягоную віну, як і відэазапіс тлумачэнняў і кампенсацыя шкоды. Пратэст быў адхілены, а рашэнне суда першай інстанцыі прызналі абгрунтаваным.
У красавіку апраўдальны прысуд набыў моц. Праблемы Сяргея скончыліся, але ніхто не кампенсаваў яму месяцаў пад хатнім арыштам. А сапраўднага хулігана так і не знайшлі.
Гісторыя другая. Ноч, супернік, кубак, кот

Аднойчы каля гадзіны ночы жыхар Карэлічаў Руслан пачуў на дварэ брэх сабакі. Выйшаўшы на ўчастак, ён заўважыў цень чалавека і пайшоў да яе, па дарозе падняўшы кубак, што там валяўся («вырашыў памыць», скажа ён потым на судзе). Цень стаіўся за штабелем цаглін. Падышоўшы бліжэй, Руслан, хоць яго сляпіў вулічны ліхтар, убачыў, што гэта Максім — сусед, які ўжо надакучыў яму падазрэннямі ў тым, што Руслан спіць з яго жонкай.
«Ты што тут робіш?» — спытаў быў гаспадар, але тут Максім агрэсіўна пайшоў на яго. Руслан машынальна абліў яго з кубка — і тут жа атрымаў удар па твары і паваліўся. Максім пачаў біць яго рукамі і нагамі, Руслан спрабаваў схапіць яго за ногі і клікаў на дапамогу. Толькі калі крыкнуў, што выкліча міліцыю, Максім перастаў яго біць і ўцёк у бок вуліцы, паваліўшы слуп плота. Руслан падняўся, пайшоў дадому і патэлефанаваў на 102.
Хвілін праз 20, каля паловы другой ночы, прыехаў участковы. Ён распытаў Руслана, што здарылася, зірнуў на месца бойкі і пайшоў да Максіма дадому. Там яны разам з напарнікам доўга стукалі ў дзверы, тэлефанавалі гаспадару — але ён так і не з’явіўся.
Аднак праз пару гадзін Максім ужо сам патэлефанаваў у міліцыю. І заявіў, што гэта Руслан на яго напаў. І менавіта супраць Руслана ў выніку завялі крымінальную справу па арт. 153 КК «Наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання».
Вось як гучала гісторыя Максіма на судзе. Паводле яго словаў, пасля паўночы ён ішоў міма дома Руслана і ўбачыў на яго ўчастку… свайго ката. Вырашыўшы забраць жывёліну і, думаючы, што сусед ужо спіць, зайшоў праз брамку ў двор. Але тут Руслан нешта заўважыў і выйшаў. Максіму стала няёмка да таго, што ён без запрашэння на чужым участку, і ён вырашыў схавацца за цаглінамі. Але Руслан яго знайшоў, пайшоў на яго, з трох метраў абліў яго вадой і потым кінуў чымсьці накшталт шкляной бутэлькі. Ад удару па скроні пацякла кроў, Максім падумаў, што бутэлька разбілася.
Руслан двойчы ішоў на яго, збіраючыся ўдарыць, але Максім ставіў яму падножку, той спатыкаўся і падаў. Падняўшыся, гаспадар дома прыгразіў узяць рыдлёўку і засекчы Максіма, тады той вырашыў уцякаць. Кінуўся ў бок вуліцы, але пералезці плот не ўдалося, тады ён пабег у іншы бок, перайшоў рэчку і вакольнай дарогай вярнуўся дадому. Там спыніў крывацёк і вырашыў памыць куртку і чаравікі, бо на іх была кроў. Праз паўгадзіны заўважыў, што па яго двары гойсае хтосьці з ліхтарыкам, спалохаўся, што гэта Руслан прыйшоў рэалізаваць свае пагрозы, і не адчыніў дзявярэй. А потым патэлефанаваў у міліцыю.
Як расказаў на судзе ўчастковы, калі ён пасля званка Максіма прыехаў да таго дадому, мужчына не мог толкам растлумачыць, якім чынам Руслан нанёс яму траўмы, але запэўніваў, што гэта адбылося менавіта ў яго ў двары, калі Максім хацеў забраць свайго ката. Пры гэтым мужчына дэманстраваў міліцыянту ката, што знаходзіўся ў доме. Удалося Максіму данесці ката дадому пасля бойкі вакольнымі дарогамі праз рэчку ці гадаванец вярнуўся сам, ён не патлумачыў.
Калі міліцыянт адразу пасля выкліку аглядаў месца здарэння, там нічога не было — ні аскепкаў шкла ад бутэлькі, ні крыві. Толькі тэпці Руслана, якія зваліліся з ног падчас бойкі. Калі Максім даведаўся пра адсутнасць аскепкаў, ён удакладніў абвінавачанне, прыбраўшы з яго словы пра бутэльку — цяпер ён сцвярджаў, што Руслан ударыў яго «тупым цвёрдым прадметам з абмежаванай паверхняй». Але нават такіх прадметаў на месцы інцыдэнту не было. Эксперт, у сваю чаргу, даў заключэнне, што траўма на галаве ў Максіма такога кшталту і знаходзіцца ў такім месцы, што ён бы мог нанесці яе сабе і сам.
Суд падчас разбіральніцтва адзначыў, што першым у міліцыю заявіў Руслан, а Максім — толькі амаль праз 2,5 гадзіны, пры гэтым паспеўшы памыць абутак і вопратку, дзе маглі быць доказы. Складана зразумець, навошта было змываць доказы, калі хацеў заявіць пра злачынства. Відавочцаў канфлікту не было, доказаў на месцы злачынства — таксама, па пашкоджанні ў Максіма немагчыма высветліць, хто яго нанёс. Такім чынам, нейкіх важкіх доказаў віны Руслана ў боку абвінавачання папросту няма.
Суд вынес Руслану апраўдальны прысуд праз недаказанасць. З яго мапеда знялі арышт, пазоў Максіма пра кампенсацыю маральнай шкоды адхілілі.
Што насамрэч адбылося на ўчастку Руслана, навошта туды прыйшоў Максім і ці быў там кот, засталося загадкай.
Гісторыя трэцяя. Крычаў на нямецкай мове
Гэта здарылася 20 жніўня 2020 года ў Фрунзенскім раёне Мінска на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча. Улад, кур’ер, арандаваў там на другім паверсе кватэру разам з двума суседзямі, Паўлам і Захарам. Позна ўвечары — на гадзінніку было больш за 23 — яны былі дома. Унізе ля пад’езда выпівалі і шумелі іншыя суседзі — 56-гадовы замежнік Альфрэд з жонкай і іх прыяцель. У нейкі момант да іх падышоў міліцыянт і сказаў разысціся: маўляў, на іх скардзяцца жыхары.
Кампанія раззлавалася. Жанчына чамусьці вырашыла, што міліцыю выклікалі менавіта з кватэры Улада. Неўзабаве той пачуў настойлівыя званкі і стук у дзверы. Захар пайшоў адчыняць, але, убачыўшы п’яных і агрэсіўна настроеных суседзяў, на іх пытанне пра міліцыю сказаў, што нікога не выклікалі, і тут жа дзверы зачыніў. Але «госці» не сыходзілі, працягвалі званіць, а прыяцель мужа і жонкі біў па дзвярах нагой і пагражаў іх падпаліць. Больш за тое, з п’янай кампаніяй было яшчэ і дзіця. За ўсім гэтым назірала ў вочка суседка па тамбуры.
Улад зноў адчыніў дзверы. Жонка Альфрэда пачала абвінавачваць хлопца, што ён выклікаў міліцыю. Разам з мужам яна ўвалілася ў кватэру, Альфрэд стаў размахваць рукамі, крычаць па-нямецку. «Хто вам дазволіў у кватэру, куды вы пайшлі, выйдзіце», — казалі ім хлопцы, але тыя не рэагавалі. Павел выклікаў міліцыю — тое самае зрабіла ў той момант і суседка.
«Суседзі б’юцца вельмі моцна, п’яныя лезуць у кватэру, шумяць, п’яныя, баюся, што пазабіваюць адно аднаго; п’яныя ламіліся ў дзверы да хлопцаў, п’яная жанчына, яе п’яны муж і нейкі мужчына, дзіця», — казала суседка, тэлефануючы на 102. «Ломяцца ў кватэру п’яныя людзі наогул — тры чалавекі і дзіця, проста цяпер ломяцца ў кватэру, біцца лезуць», — казаў Павел.
І сапраўды дайшло амаль да бойкі. Альфрэд грозна насоўваўся на Улада, той схапіў яго за запясці і паспрабаваў выштурхаць з кватэры. Альфрэд вырваў адну руку і паспрабаваў ударыць Улада, той паспеў раней і ці то штурхнуў, ці то ўдарыў замежніка правай рукой па твары, адначасова правай нагой штурхнуў яго ў нагу, каб выпхаць. Мужчына адступіў у тамбур і паваліўся ля лаўкі, што там стаяла. Тады на Улада наляцеў яго прыяцель і паспрабаваў ударыць, але той ухіліўся. Альфрэд працягваў ляжаць на падлозе тамбура да прыезду міліцыі і хуткай дапамогі, якую выклікала яго жонка.
«Не менш за сем разоў ударыў па нагах»
Медыкі забралі Альфрэда ў бальніцу. Аказалася, у яго закрыты аскепкавы пералом абедзвюх костак левай галёнкі са зрушэннем, а яшчэ удар ніжняй губы. Таксама медыкі канстатавалі, што мужчына быў п’яны. Ён заявіў дактарам, што яго збілі трое суседзяў.
Улада адвезлі ў міліцыю, узялі тлумачэнні і праз тры гадзіны адпусцілі. Але потым выявілася, што Альфрэд напісаў заяву на прыцягненне яго да крымінальнай адказнасці. Замежнік, яго жонка і прыяцель далі паказанні, што Улад збіў Альфрэда, нанёс яму ўдары па твары, у грудзі, жывот, па назе, Альфрэд паваліўся і страціў прытомнасць, а Улад біў яго нагамі. Пры гэтым яны то адмаўлялі, што заходзілі ў кватэру, то прызнавалі. Паказанні ўсіх траіх разыходзіліся і мяняліся ў ходзе следства. У той жа час суседзі Улада па кватэры і іх суседка па тамбуры на допытах казалі, што Улад мужчыну не біў, толькі піхнуў у твар і па назе, адштурхоўваючы. Іх паказанні цалкам супадалі.
Аднак справа дайшла да суда. Улада абвінавацілі ў тым, што ён хапаў Альфрэда за рукі, лаяўся матам, нанёс яму не менш за пяць удараў рукамі і нагамі па галаве, тулаве і нагах, потым штурхнуў і, калі той паваліўся, не менш за сем разоў ударыў нагамі па нагах, чым і нанёс пералом костак. Гэта быў арт. 147 КК — наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання.
Але суд з прычыны супярэчлівасці паказанняў і неадпаведнасці іх карціне пашкоджанняў пагадзіўся толькі з абвінавачаннямі ў адным удары па твары і штуршку, ад якога Альфрэд упаў. Артыкул змянілі на 155 КК — нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці.
Суд Фрунзенскага раёна прызнаў Улада вінаватым і прызначыў яму штраф у 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).
Умяшанне зверху
Аднак Улада такі вынік не задавальняў. Ён не парушаў закон, а абараняў сваё жыллё. Хлопец падаў апеляцыю, дзе заявіў, што ў яго не было намеру нашкодзіць суседу, ён не біў яго, а толькі штурхнуў, бо лічыў сітуацыю небяспечнай: п’яныя суседзі ноччу ўварваліся ў яго кватэру, парушыўшы недатыкальнасць жылля, былі агрэсіўныя, махалі рукамі. Улад не адмаўляў, што штурхнуў мужчыну, але сцвярджаў, што ўсе яго дзеянні былі прадыктаваныя неабходнасцю самаабароны.
Мінгарсуд пакінуў прысуд у сіле. Але Улад не здаўся і падаў скаргу ў Вярхоўны суд. І вось там на справу ўжо зірнулі інакш. Старшыня ВС вынес пратэст на прысуд Мінгарсуда і запатрабаваў перагледзець рашэнне. Тады ўжо і пракуратура Мінска выступіла на баку Улада. Прэзідыум Мінгарсуда ў выніку ўгледзеў у рашэнні па апеляцыі мноства парушэнняў і адмяніў яго.
Падчас новага разгляду Мінгарсуд прыйшоў да высновы, што аргументы абароны Улада пра самаабарону не былі добрасумленна разгледжаныя, ніякіх доказаў у іх абвяржэнне прыведзена не было. Больш за тое, на судзе нават не агучвалі паказанняў суседкі пра тое, што п’яная кампанія ламілася ў кватэру, пагражаючы падпаліць дзверы, і астатнія іх дзеянні.
Няма складу злачынства
З улікам усіх парушэнняў прысуд адмянілі, справу накіравалі на паўторны разгляд у Фрунзенскі суд. Там Альфрэд і яго жонка настойвалі на тым, што яны не заходзілі ў чужую кватэру. Пры гэтым Альфрэд казаў, што Улад толькі раз даў яму па твары і адштурхнуў, ён паваліўся і страціў прытомнасць, але удараў па назе не памятае (дарэчы, раней ён медыкам казаў, што свядомасці не страчваў). А вось яго жонка заявіла, што Улад яшчэ і тры разы ўдарыў Альфрэда, што ляжаў на зямлі, нагой па назе. Словам, паказанні зноў разыходзіліся.
Замежнік, дарэчы, свае супярэчлівыя сведчанні падчас следства патлумачыў тым, што не гаворыць па-руску і яго не так зразумелі. А вось яго жонка то казала, што спачатку не хацела завядзення крымінальнай справы і змякчала паказанні, то што хацела хутчэй вярнуцца дадому, то што хацела зберагчы нервы дзіцяці. У выніку яна наогул заявіла, што ёй усё адно, што казаць на судзе.
Выступіла на паседжанні і экспертка. Яна дала заключэнне, што такі пералом нагі, як у Альфрэда, не мог утварыцца ні ад падзення на падлогу, ні ад удару нагой. Але мог ад удару задняй паверхняй наагі аб тарэц лаўкі, на якую Альфрэд зваліўся пасля штуршка.
У выніку суд прызнаў паказанні пацярпелага і сведак абвінавачання недакладнымі і супярэчлівымі і пагадзіўся з тым, што Улад меў права абараняць сваю кватэру ад п’янага ўварвання і нанёс Альфрэду пералом нагі выпадкова, спрабуючы выштурхаць яго за дзверы, межаў неабходнай самаабароны пры гэтым не перавысіў. А значыць, у яго дзеяннях няма складу злачынства.
Маладога чалавека апраўдалі. Пазоў Альфрэда пра кампенсацыю маральнай шкоды на 40 000 еўра быў адхілены. Але ніякай кампенсацыі Уладу за неабгрунтаваны крымінальны пераслед не прызначылі. Дарэчы, цяпер ужо пракуратура спрабавала абскардзіць рашэнне суда: маўляў, не даказана, што Альфрэд прыйшоў да суседзяў з намерам іх збіць, ва Улада пашкоджанняў няма, а значыць, ніякага «грамадска небяспечнага замаху» на кватэру з боку п’янай кампаніі не было, а ва Улада не было падставаў для самаабароны. Аднак Мінгарсуд не пагадзіўся з гэтым і пакінуў апраўдальны прысуд у сіле.
Чытайце таксама


